Нарэшце – у Беларусь прыляцелі першыя вялікія арляцы (большие подорлики)! ❤️ 🦅 Нягледзячы на цёплае надвор'е і адсутнасць снегу, гэта адбылося пазней за ўсе папярэднія гады даследавання – 22 сакавіка. Першае месца падзялілі між сабой самцы Блонд і Дубовы, абодва жыхары вялізных абшараў балот на поўдні краіны. На карце паказаны апошнія часткі трэкаў бліжніх мігрантаў, якія зімавалі на Балканах. Астатнія арляцы знаходзяцца зараз значна далей – на ўзроўні Бліжняга Усходу ці Турцыі. На сёння на сувязь выйшлі 14 арляцоў з 17, якія былі актыўнымі ўвосень. Ніякіх звестак няма ад Элені, Джо і Вялуты. Будзем спадзявацца, што з імі ўсё добра, проста яны пакуль афлайн. Джо, магчыма, загінуў: ад яго няма сігналаў з мінулай восені. Але ўсё адно спадзяёмся на лепшае. Магчыма, ён вернецца на сваё гняздо, і тады яго сфатаграфуе фотапастка, якая там усталявана арнітолагамі. 🦅 Вялікі арлец – від, якому пагражае глабальнае знікненне. У Беларусі гняздуецца адна з самых вялікіх папуляцый у свеце. У 2017-2021 гадах беларускія арнітолагі пазначылі перадатчыкамі 25 птушак, каб вывучаць шляхі іх міграцыі. Кожная птушка атрымала імя. У арляца Палешука дрэнна працаваў перадатчык і яго сляды згубіліся ўжо ў першую зіму 2017-2018 г. На жаль, за некалькі апошніх гадоў чатыры вялікія арляцы з пазначаных перадатчыкамі загінулі. Акрамя Джо, яшчэ ў трох птушак, у Юзэфіны, Ціхана і Перуна, перадатчыкі перасталі працаваць. Пры гэтым вядома, што яшчэ летась яны былі жывыя. Што з імі зараз, таксама будзем глядзець па фотапастках. Пазычым нашым вандроўнікам добрага падарожжа на радзіму! 🙏

Photo from news post
Photo from news post
No comments yet