А ты ведаеш, што ў Беларусі жывуць дзікія чарапахі?
🐢 Еўрапейская балотная чарапаха жыве на поўдні краіны. Яна была шырока распаўсюджана да маштабнай меліярацыі Палесся, а сёння ўключана ў нацыянальную Чырвоную кнігу. У нашай балотнай чарапахі дзякуючы людзям цяпер з’явіўся агрэсіўны канкурэнт – чырванавухая чарапаха, амерыканскі від. Яе, напрыклад, бачылі на Чыжоўскім вадасховішчы. Чырванавухія чарапахі прадаюцца ў заакрамах. Людзі купляюць іх маленькімі для дзетак. Але чырванавухія чарапахі вырастаюць да 30 см, жывуць да 50 гадоў і маюць агрэсіўны нораў. Калі чарапахі вырастаюць і пачынаюць кусацца, ад іх пазбаўляюцца – звычайна выпускаюць у найбліжэйшую сажалку. Але так рабіць нельга! 🙅♀️ Вядомы выпадкі, калі амерыканскія чарапахі нават паспяхова перазімоўвалі ў Беларусі. Яны жывуць доўга і з-за пацяплення клімату могуць з часам і пачаць размнажацца ў нас. У Беларусі забаранілі ператрымку гэтага віду ў хатніх умовах з 1 жніўня 2022 года. Але завоз і продаж не забаронены. Акрамя таго ёсць праблема з адабраннем з прыроды ўжо выпушчаных чарапах. На кожную асобіну трэба атрымліваць дазвол Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды Беларуси. Трэба дазволіць людзям вылоўліваць у прыродзе такія інвазіўныя віды, як чырванавухая чарапаха без дазволаў. Толькі ўпэўненыя прыродаахоўнікі будуць гэта рабіць. Са зменай клімату інвазіўных відаў становіцца ўсё больш. Лепш наогул не купляць ніякіх чарапах, для іх няволя – гэта марудная смерць. 📆 Сёння, 23 траўня, адзначаецца Сусветны дзень чарапах. 📷 На фота: балотныя чарапахі, аўтар Наталля Бачурынская; чырванавухая чарапаха, аўтар Валер Пясецкі.